
Лічаныя дні засталіся да пачатку ІІ Гульняў краін СНД. Адным з відаў, у якім спартсмены будуць змагацца за медаль, стане лёгкая атлетыка – спаборніцтвы пройдуць з 5 па 8 жніўня ў Мінску.
Адзін з тых, хто марыў трапіць на іх у якасці ўдзельніка, наш зямляк з Гудагая Канстанцін Лапшэвіч.
Хлопец вучыцца ў сталічным рэспубліканскім вучылішчы алімпійскага рэзерву, займаецца лёгкай атлетыкай, яго “канёк” – бег на кароткія дыстанцыі. Гудагаец двухразовы чэмпіён рэспублікі ў сваёй катэгорыі, двойчы вынікова прадстаўляў нашу краіну на міжнародных спаборніцтвах у Маскве. Маючы добры патэнцыял, Канстанцін не скідваў з рахунку той факт, што можа трапіць у зборную Беларусі на ІІ Гульні краін СНД. Але…
– На вялікі жаль, я аказаўся за бортам: у гэтым спаборніцтве будзе ўдзельнічаць каманда юніёраў 2009-2010 гадоў нараджэння, а я – 2008-га. І самае крыўднае, што “застары” ўсяго на 2 месяцы, – дзеліцца юнак. – Ужо прайшоў адбор у межах спартакіяды – хлопцы цяпер узмоцнена рыхтуюцца.
Канстанцін зазначае: калі не ўдасца трапіць у якасці гледача на пляцоўку спаборніцтваў, то будзе абавязкова сачыць за выступленнем беларускіх бегуноў па тэлебачанні.
– Па “Беларусь 5” сто працэнтаў будзе трансляцыя. Ужывую, канешне, больш цікава гэта бачыць – эмоцыі зусім іншыя, – тлумачыць хлопец. – “Хварэць”, вядома ж, буду за нашых – беларусаў. Але цікавяць выступленні ўсіх удзельнікаў – паглядзець, хто на што здольны. Тэхніку, канешне, так не адсочыш, каб узяць сабе на заметку, – але атрымаеш асалоду ад убачанага.